Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але пясьнярка добра разумела, што гэта зацішша не надоўга, за ім зноў „бура ідзе": пад такім загалоўкам яна піша маленькі верш, у якім рысуе бязупыннасьць рэволюцыі.

Ня толькі струны змаганьня моцна гучаць на ліры Цёткі; ёй аднолькава ўласьцівы мяккія, пяшчотныя перажываньні. Поэтэса сама зазначае розныя магчымасьці мастацтва; у сваім вершы, уступным да другога зборніку "Скрыпка беларуская", яна кажа:

У песьню можна пераліці
Усё найлепша, наймілейша,
У песьні можна даць пяруны,
Песьняй сэрцы рваць на часьці.
Толькі крэпкі былі-б струны,
Я зайграла-бы аб шчасьці,
Я зайграла-б сьмехам кветак,
Нівак шэптам залацістых.
Звонам серпа, касы ўлетак,
Мёдам ліп з садоў пушыстых.

Пяруны барацьбы грымяць у зборніку "Хрэст на свабоду" і наадварот, у зборніку "Скрыпка беларуская" сапраўды адчуваецца шэпт ніў залацістых, звон сярпа і касы; тут як-бы разьліты пах ліпавага мёду. У даным зборніку пераважаюць мяккія ідылічныя таны. У ідылічным асьвятленьні малюе пясьнярка, папершае, прыроду. Вось, напр., які дае яна абразок беларускага лета:

Ніва шуміць каласамі
Жыта сьпелага, аўса,
Уся прыбрана васількамі,
Як дзяўчына да вянца.
Вецярок па ёй гуляе,
Клоніць колас да зямлі,
Сонца зерне налівае,
Бусл клякоча на гумне.
Гаспадар бяжыць з касою
На зялёну сенажаць,
Сьпяшыць выкасіць з расою,
Смачней, гладчэй траву сьцяць.

Тут верш Цёткі гэткі мяккі і пяшчотны, як мяккі і пяшчотны фарбы беларускай прыроды. Часам у сваіх апісаньнях поэтэса дасягае колёрытнай вобразнасьці, напр., у малюн-