Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З тэй пары Масква, Варшава,
Рыга, Вільня, Бак, Лібава,
Беларусь, Літва, Расея
Гоніць вон цара зладзея:
Народ чуе гоман з неба,
Што больш цара непатраба.

Гэтак змаганьне выклікае кроў, але дае свае вынікі. Яно ўсытняе ніву, на якой усходзяць парасткі свабоды. Тут мы бачым, такім чынам, здольнасьць нашай поэтэсы глядзець у даль, падняцца вышэй сëнешняга дня. Яна выяўляе рысы сапраўднага правадыра; звычайны змагальнік з абмежаваным кругавідам рэдка прадбачыць вынікі падзей; толькі правадыр можа ўзважыць і ацаніць гэтыя вынікі.

Гэткім правадыром па свайму гістарычнаму учуцьцю здольна была зрабіцца і Цётка; у часе аплакваньня няшчасных ахвяр 9 студзеня яна мела рашучасьць сказаць "Так і трэба"—пралітая нявінная кроў у яе вачох гэта "хрэст на свабоду".

Адводзячы месца революцыйным падзеям у горадзе, Цётка, сама сялянка па пахаджэньні, часта пераносіцца ў вёску, абураную настроямі барацьбы. У вершы "Бунтаўнік" рысуецца жаласьлівы малюнак разьвітаньня рэволюцыянэра з роднай сям'ёй. У творы выступае скромны гарапашны гэрой; у яго пяшчотнае сэрца, якое прымушае яго ў зімовую марозную ночку ехаць да хаты, каб хоць на момант пабачыць крэўных, — пабачыць можа ужо ў астатні раз. Але гэрой-барацьбіт вышэй сямейных сувязяй; ён адмаўляецца ад іх у імя барацьбы за агульны дабрабыт. Колькі сапраўды рэволюцыя высунула гэткіх сярмяжных герояў, колькі яна дала барацьбітоў, якія ў імя ідэалу, у імя шчасьця будучых пакаленьняў адмаўляліся ад ціхага сямейнага вогнішча і ад асабістага шчасьця!.. Тыповы вобраз якраз такога барацьбіта і зарысаваны Цёткай у вершы "Бунтаўнік".

Як-бы агульныя вынікі барацьбы ў 1905 г. падводзіць твор "Пад новым годам". Поэтэса тут, на рубяжы двух гадоў, аддаецца ўспамінам аб мінулым годзе, перад ёй праносяцца малюнкі расправы з паўстаўшым народам, — малюнкі жудасныя, крывавыя: