Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адзінства і здольнасьці на самаахвяраваньне дана у вершы "Добрыя весьці", дзе мы чытаем:

Усіх злучыла чароўна слова;
Жалезны обруч скуў нам далонь.
І матка сына даць нам гатова
І жонка мужа вышле ў агонь.
І дзед старэнькі бяжыць у дружыну
І ўнучак сьледам дзеда сьпяшыць.
Хлапец, абняўшы любу дзяўчыну,
На барыкадах сьмела стаіць.

Вось, напр., у вершы "Пад штандарам" разгорнуты малюнак паўстаньня, ахвярай якога зрабіўся Вінцуль, нëсшы чырвоны штандар перад народам і крычаўшы: "гасудар, ці наеўся ты сьлёз". Поэтэса заклінае ня плакаць над трупам ахвяры, бо яе кроў пралілася недарма; яна злучыла ваякаў ў адзіным пачуцьці помсты:

А народ і пяе,
Пад штандарам ідзе,
На ворага цара
Крэпку руку нясе.
Нясе доўг у грудзях
Для тыранаў цара
І прыказ у вачох:
"Цару згінуць пара".

Верш "Хрэст на свабоду" абхапляе падзеі 9 студзеня; перад намі маляўніча разгарнаецца гэта жудасная трагедыя, калі цар замест хлеба дау рабочым кулі:

У Пецярбургу зьмерлі людзі:
Ім прашылі куляй грудзі;
Бо то з песьняй і алтарам
Пашлі з папом перад царам:
А цар сыпнуў як-бы з неба
Тысяч куляў. Так і трэба.

Поэтэса ў гэтым вершы ўзвышаецца да сапраўднага гістарызму; яна ня плача над ахвярамі зрады, але разглядае падзеі ў гістарычным аспэкце і прызнае патрэбнасьць страт. Пралілася бязьвінная кроў, але яна падарвала апошні крэдыт самаўладзтва, сярод працоўных мас яшчэ больш пашырылася і ўзмоцнілася думка аб непатрэбнасьці, "цара-зладзея":