Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

"Маладой Беларусі", рэдагуе часопіс для моладзі "Лучынку" ды інш. Пэўны час Цётка жыла ў Пецярбурзе, вучылася на курсах Лесгафта. У часе імпэрыялістычнае вайны яна паступіла ў міласэрныя сёстры і пад кулямі, на палёх боек, — кажа Навіна, — дапамагала параненым, не зьвяртаючы ўвагі на небясьпечнасьць. Потым, працуючы ў Віленскім тыфусовым бараку, Цётка вядзе беларускую работу сярод салдат.

У часе нямецкай окупацыі яна зноў разгарнае сваю дзейнасьць у галіне школьнай справы, гуртуе беларускія настаўніцкія сілы, зьбірае дзяцей, сама працуе на беларускіх настаўніцкіх курсах у якасьці выкладчыцы. Сярод гэтай працы яе спаткала вялікае асабістае гopa—сьмерць бацькі. Нават перажываючы гэта гора, яна ня кідае грамадзкай працы—аб'яжджае вёскі і знаёміцца з станам сялян. У часе гэтага аб'езду яна заразілася на тыфус, ня вытрымала гэтае хваробы і 5-га лютага 1916 году памерла.

У беларускай літаратуры Алоіза Пашкевіч выступала пад рознымі псэўдонімамі: Гаўрыла з Полацку, Мацей Крапіўка, Тымчасовы, але найбольш часта пад псэўдонімам Цёткі. Творы яе раскіданы ў розных пэрыодычных выданьнях ("Наша доля", "Наша Ніва", "Маладая Беларусь", „Лучынка" ды інш.). Апроч таго, маюцца два невялічкія паасобныя зборнікі яе вершаў: "Хрэст на свабоду" і "Скрыпка Беларуская".

Узятая ў цэлым, творчасьць поэтэсы прадстаўляе сабою непасрэдны адбітак яе асобы. У гэтай асобе сумяшчаліся два пачаткі: з аднаго боку, у ёй яскрава выяўлены былі загартаванасьць волі, энэргія ды імкненьне да барацьбы, з другога боку, у яе грудзёх білася пяшчотнае, мяккае сэрца жанчыны, спараджаўшае сабою нахіл да ідыліі, ціхі смутак па асабістаму шчасьцю.

Першы пачатак знайшоў сабе выраз у рэволюцыйнай дзейнасьці Цёткі. Мы бачылі, што гэнай дзейнасьці яна ахвяравала лепшыя гады сваёй маладосьці, з-за яе яна была выкінута за межы айчыны, прымушана была бадзяцца па чужыне ў якасьці эмігранткі; эпоха рэакцыі, якая надышла усьлед за рэволюцыяй 1905-1906 г., крыху абрэзала скрыдлы яе юнацкіх парываньняў, прымусіла яе дзейнасьць рэволюцыянэркі зьмяніць на больш супакойную грамадзкую і куль-