Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЦЁТКА (АЛОІЗА ПАШКЕВІЧ-КЕЙРЫС)

Ужо самае жыцьцё пясьняркі прадстаўляе вялікую цікавасьць. Нарадзілася яна ў шляхоцкай сям'і, у Лідзкім павеце, на Віленшчыне ў 1876 г. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Віленскай жаночай гімназіі. Зараз-жа пасьля сканчэньня гімназіі яна горача ўзялася за грамадзкую працу. З імем Цёткі, — сьведчыць Антон Навіна, — злучаюцца першыя пачаткі беларускай работы у Вільні—у 1905-1906 г., калі, поруч з рэволюцыйным рухам па ўсёй Расіі, пачаўся ў шырокіх масах народных рух беларускі. Пад той час у Вільні пачалі ладзіцца беларускія работніцкія організацыі-гурткі Беларускай Соцыялістычнай Грамады, і тут Цётка выказала свае організатарскія здольнасьці. Яе можна было бачыць на ўсіх вялікшых работніцкіх сходах, а калі настаў час вялікіх публічных мітынгаў, Цётка выступала ўсюды, будзячы агульны спогад сваімі шчырымі, гарачымі беларускімі прамовамі".[1] Потым, калі пачала выходзіць газэта "Наша Доля", Цётка прыняла у ёй актыўны ўдзел, злучаючы з рэволюцыйнай дзейнасьцю і дзейнасьць літаратурную.

Рэволюцыйная праца не прайшла для нашай дзеячкі дарма; з узмацненьнем рэакцыі, яна была прыцягнута да суду і прымушана была ўцякаць за граніцу. У якасьці політычнай эмігранткі яна асталявалася ў Львове, знайшоўшы сабе гасьцінны прытулак сярод украінцаў. Надзвычайна характарна, што і тут, на чужыне, Цётка імкнецца працаваць на карысьць бацькаўшчыны ўжо ў іншым кірунку, на глебе навуковай чыннасьці. Вядома, што яна, будучы студэнткай Львоўскага унівэрсытэту, у якасьці тэмы для докторату ўзяла пытаньне аб беларускай батлейцы і, працуючы ў гэтай галіне, сабрала шмат матэрыялу.

У Галіччыне Цётка вышла замуж за літвіна інжынэра Кейрыса. Зьмяніўшы сваё прозьвішча, яна атрымала магчымасьць вярнуцца на бацькаўшчыну. Тут, у Вільні, яна цягне далей сваю працу на беларускай ніве: дапамагае ўтварэньню беларускага тэатру, шмат сіл аддае школьнай справе, выпускае у сьвет сваё "Першае чытаньне", зьмяшчае свае творы ў

  1. Нашы песьняры Вільня. 1918 г., стар. 58.