Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сыны гарадзкой і местачковай беднаты (Алесь Гарун, Зьмітрок Бядуля), дзеці пролетарыяту (Цішка Гартны, Ф. Шантыр) і інтэлігенцыі (М. Багдановіч).

З гэтых розных соцыяльных элемэнтаў пад уплывам рэволюцыі ствараецца новы тып беларускага інтэлігента сьвядомага адраджэнца, крэўна зьвязанага з роднай краінай і родным народам.

Загартаваўшыся ў атмосфэры нашаніўскага руху, беларускія адраджэнцы выступаюць ня толькі ў пэрыодычным друку, але і ў мастацкай літаратуры,—утвараецца так званы нашаніўскі пэрыод беларускай літаратуры.

Свае песьні народныя поэты-самародкі складаюць пад аднастайны шум рабочага варштату, або пад шырокія і вольныя песьні жаўранка на палетку бацькаўскае нівы.

Рэволюцыя дала агульныя тэмы гэтым песьням. Такой грунтоўнай тэмай зьяўляецца ў песьняроў-нашаўніцаў тэма бацькаўшчыны, вызваленьня яе з нацыянальнага і соцыяльнага ўціску. Заўважаецца пры гэтым і некаторая дваістасьць настрояў, агульная для песьняроў данае пары. З аднаго боку яны выяўляюць агромністую волю да жыцьця, веру ў будучыну, бадзёрасьць. Аснова гэтай бадзёрасьці—сувязь з працоўнымі масамі, сувязь з роднай глебай, ад дотыку да якой беларускія песьняры, накшталт старажытняга Антэя, атрымліваюць сваю моц і сілу. Але з другога боку, на творчасьці нашаніўцаў адбіваецца ўплыў соцыяльна-экономічнага крызісу і цяжкой полытічнай рэакцыі, якая запанавала на руінах першай рэволюцыі. Вось чаму песьняры-нашаніўцы адыходзяць часам ад гэтай смутнай рачаіснасьці ў глыб прошласьці, якая прадстаўляецца ім у романтычным асьвятленьні, або ў глыбіню сваіх асабістых перажываньняў: у творчасьці песьняроў данае пары выяўляюцца налёты смутку і гамлетызму.

Так, у творчасьці нашаніўцаў выяўляюцца дзьве плыні: прыяцьце жыцьця, барацьба за паляпшэньне яго форм і адначасна ўцёкі ад жыцьця.

Але пры агульных настроях пісьменьнікі-нашаніўцы выяўляюць і свой асобны мастацкі твар; кожны з іх мае сваю творчую домінанту, ускрыць якую і зьяўляецца задачай нашых наступных эцюдаў.