Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Другая характарная рыса Няслухоўскага гэта-нахіл яго да элегічных і эфэктна-драматычных сытуацый. Бусел, пакідаючы родную старонку; Янка, які пакутуе у марозную ноч і марыць аб цёплай хаце і чарцы гарэлкі, - усё гэта глыбака сумныя, элегічныя вобразы. Але калі поэта малюе нам душу старога лясьніка, які ахоплены пакутай і забываецца на інстынкт самазахаваньня, то тут ён узвышаецца да сапраўднага драматызму. Гэты драматызм даходзіць да трагізму ў запазычаным па сюжэту творы "Ямшчык", дзе гэрой з вясёлага і разгульнага юнака робіцца, страціўшы каханую дзяўчыну, мэлянхолікам, адзінокім нават у часы забаў і вясельля; твор малюе нам напружнасьць перажываньня, на якую здольны і просты чалавек: трагічнае здарэньне перавярнула дагары дном усю душу "Ямшчыка". Па сваёй псыхолёгічнай аснове твор „Ямшчык“ блізкі да твору "Стары лясьнік": там выяўлена моц помсты, тут моц каханьня. Але і тут і там аднолькавы драматычны фон падзей.

Пры агульным элегічным і драматычным нахіле поэты нават прырода ня ўносіць супакою ў яго душу. Характарным у гэтым стасунку зьяўляецца верш яго "Што птушкі казалі". У вершы даецца пекнае апісаньне маёвай раніцы:

А было-ж гэта ў маі,
На ўсходзе сонца.
Салавейка сьвістаў ў гаі
Голасна бяз конца.
І зязюлі абзывалісь,
І птушачкі малы,
Шчабечучы залівалісь
Дзеля божай хвалы.
Блішчыць ў яснай пазалоці
Зоранька чырвона,
Закрычалі на балоці
Драчы ды варона.

Але п'яныя сваты, якія варочаюцца з вясельля да хаты ў гэту раніцу, пасвойму ператлумачваюць сьпевы птушак. У трэлях салаўя ім чуецца просьба: "дай!.. дай!", у гуках драча: "дзяры, бяры!"... нарэшце варона, здаецца ім паказвае на канчатковыя вынікі гэтага хабарніцтва - у яе краканьні яны падслухоўваюць гаворку:

Кралі!.. кралі!.. кралі!..
Дай... на шыбяніцы.