Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як-бы некаторую лёгічную сувязь з творам "Стары лясьнік" мае ў Няслухоўскага маленькі яго верш "Сівер". У першым творы, мы бачылі, выяўлена, што на Беларусі ёсьць моцныя характары, у другім творы як-бы даецца адказ на вынікаючае адсюль пытаньне, чаму-ж, маючы такія характары, старонка знаходзіцца ў заняпадзе, чаму не разьвіваюцца потэнцыяльна багатыя яе сілы.

У гэтым вінаваты знадворныя перашкоды: над старонкай праносіцца паўночны сівер, які замінае зарунець палём, устрапянуцца духу ў чалавечых грудзях і забыць мора смутку і сьлёз. У вершы можна бачыць алегорычнае найменьне на ўціск царскага бюрократызму, які душыў жывыя сілы Беларусі і асяродкам якога была паўночная сталіца Пецярбург: адтуль, як нейкі паўночны замаражваючы сівер, ляцелі на Беларусь усялякія загады і мерапрыемствы, што скоўвалі свабоднае выяўленьне беларускіх народных сіл.

Гэткім чынам, у творчасьці Янкі Лучыны заўважаецца выразны нахіл у бок псыхолёгізму. Нацыянальная проблема ім узгрунтоўваецца выключна на псыхолёгічным базісе; рысуючы нам соцыяльны стан беларускага селяніна, поэта імкнецца прасякнуць у душу гарапашніка; нарэшце, мы знаходзім у яго першыя спробы даць акрэсьлены беларускі характар. Ня гледзячы на ўсю сваю колькасную нязначнасьць, "Вязанка" Янкі Лучыны ў якасных адносінах становіць сабой досыць паважны момант у разьвіцьці беларускага пісьменства. З гэтым зборнікам наша літаратура выразна становіцца на шлях абмалёўкі ўнутранага сьвету чалавека-шлях, які ў нашыя дні ўзгрунтованы асабліва ў творчасьці Якуба Коласа, Зьмітрака Бядулі, але першыя боразны якога бясспрэчна пракладзены Янкай Лучынай. Да яго псыхолёгічны элемэнт амаль што зусім адсутнічаў у беларускай літаратуры. Дунін-Марцінкевіч, як мы бачылі, дае нам пераважна зарысоўкі сьвяточнага сялянскага побыту; вузкую і аднастайную псыхолёгію сваіх герояў ён уціскае ў традыцыйныя асадкі сантымэнтальнага шаблёну. Багушэвіч гэтак сама мала зачапляе псыхолёгію селяніна, концэнтруючы сваю ўвагу, галоўным чынам, на абмалёўцы нацыянальнага і соцыяльнага ўціску. Найбольш выразныя спробы у напрамку абмалёўкі гэтай псыхолёгіі мы сустракаем стала ў Янкі Лучыны.