Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

краінах! На аснове трапнай сымболікі ў творы Няслухоўскага выяўлены трагічныя перажываньні гэтых пасынкаў жыцьцёвага лёсу, якіх злая доля разлучала з бацькаўшчынай.

Такім чынам, у творчасьці Лучыны заўважаюцца некаторыя элемэнты псыхолëгізму; яго пераважна цікавіць унутраны сьвет чалавека, яго настраёвасьць, склад думак і пачуцьцяў.

Ён ня ўзгрунтоўвае нацыянальную проблему на довадах гістарычных і этнографічных, як робіць то Багушэвіч; для яго гэта проблема ў першую чаргу факт псыхолёгічны: чалавек крэўнаю сувязьзю зьвязаны з айчынай, усякі разрыў гэтай сувязі хваравіта адбіваецца на яго псыхіцы і адбірае грунт для грамадзкай працы. Мотыў, слаба намечаны ў Багушэвіча, у яго вершы "Мая хата", у "Вязанцы" разрастаецца ў асноўную тэму творчасьці.

Той-жа некаторы налёт псыхолёгізму адчуваецца і ў вершах Няслухоўскага з соцыяльным зьместам. Тымчасам як Багушэвіч пераважна малюе нам знадворны стан селяніна, яго беднасьць, бяспраўе, Янка Лучына імкнецца заглянуць у сялянскую душу. У даным стасунку характарна ужо самая назва вершу "Што думае Янка, вязучы дровы ў горад". У вершы малюецца селянін, які ў сьвята на каляды вязе дровы ў горад; маляўніча прадстаўлена беднасьць Янкі; мы бачым яго старую, падраную, ветрам падбітую сярмяжку і гэту яго худую кабылку, якая спыняецца на кожным кроку. Але беднасьць толькі фон, на якім выяўлена ў творы зьмена рознастайных перажываньняў гэроя: тут схоплены і думкі аб хаце, і надзеі продаць дровы і набыць хлеба для сям'і; прадстаўлена, як на момант выплыла думка аб чарцы і зараз-жа пужліва зьнікла пры ўспамінах аб даўгох Шлёме.

Яшчэ вялікшы ўхіл у бок псыхолёгізму заўважаецца ў творы "Стары лясьнік". Гэты твор прадстаўляе сабой першую спробу нарысаваць цэльны беларускі характар-характар чалавека, загартаванага ў жыцьцёвай барацьбе і ўпартага ў дасягненьні сваіх мэтаў. Праўда, мэты гэтыя самі па сабе ня шырокія; у вершы малюецца, як стары Грышка адзін, ня гледзячы на ўсе адгаворы пана, ідзе на мядзьведзя і забівае яго за тое, што ён задраў жарабя. Але перад намі моцны чалавек з яскрава выяўленай энэргіяй і сілай волі.