Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скай псыхолёгіі. Поэтыка Багушэвіча ў некаторых адносінах носіць на сабе сьляды народнай поэтыкі. Напр., яго "Песьні" вытрыманы ў стылі і духу народнай песьні. Так, "Калыханка", зьмешчаная ў гэтым цыклі, па сваёй композыцыі і агульнаму характару нагадвае народныя калыханкі. Вобраз ўдавы, яе задуменьне над лёсам дзяцей, увасабленьне адцягненых паняцьцяў, паралелізмы, ужываньне ласкальных і памяншальных іменьняў, - усе гэтыя малюнкі і прыёмы, што знаходзяцца ў песьнях Багушэвіча, добра знаёмы нам з народнай творчасьці. Нават самы гумар поэты нагадвае сабой мяккія і добрадушныя кпіны беларускага селяніна. Часам заўважаецца тут і падабенства ў адносінах тэматыкі: сьмех над уласнай беднасьцю і многасямейнасьцю, вывядзеньне ў ролі комічных пэрсонажаў жывёл, птушак і казявак, - усе гэтыя вядомыя мотывы беларускай народнай гумарыстыкі сустракаюцца і ў "песьнях" Багушэвіча.

Захапляе поэту і сьвет народнай фантастыкі, забабонаў. У доўгім творы "Хцівец і скарб на сьвятога Яна" перад намі выступаюць усе дзівы купальскай ночы з яе кветкай папараці, шуканьнем скарбу, чартоўшчынай ды іншымі нязьменнымі прыналежнасьцямі народнага вымыслу.

Часам поэта дае нам апрацоўку агульналюдзкіх сюжэтаў ("Баляда", "Быў ў чыстцы"). Жыцьцё Васілія Кесарыйскага, жыцьцё Фэафіла, сярэднявяковыя легенды аб Фаусьце ды інш.,-вось далёкія літаратурныя продкі, нашай "Баляды". У доўгую гісторыю мастацкага апрацаваньня яе легендарнага сюжэту, побач з іменьнямі Марло, Лесінга, Гётэ, Ленаў ды інш., упісаў сваё скромнае імя і беларускі поэта. Але ў самай трактоўцы гэтага сюжэту Багушэвіч застаецца пэўным сабе: ён пераносіць яго ў сялянскія абставіны і дае яму соцыяльную афарбоўку. У беларускага поэты мотывам запрадажу душы д'яблу служыць ня слава, не каханьне і ня веда, але жаданьне вызваліцца ад соцыяльных злыдняў. Гаротны селянін разважае ў "Балядзе":

Хіба што чорту прадам сваю душу,
Каб грошы ён на падаткі мне дау.
Я тут ўжо згіну і там згінуць мушу.

У творы "Быў у чыстцы", Багушэвіч скарыстаў легендарныя апавяданьні а па-за магільным сьвеце. Доўгая літара-