Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта маленькая дэталь яскрава рысуе нам увесь бяздушны формалізм казённага ўрадоўца, яго роўнадушнасьць да лёсу вясковага хлапчука. Другі прыклад: у тым-жа творы даецца малюнак турмы:

Дзьверы, дзьверы, у дзьверах дзюрка
І ў каждай-жа хвігурка,
Як-бы тая-ж выглядае.
Дзе ні глянеш, усё-ж тая:
Блішчаць вочы, твар, як гліна,
І абросшы, як скаціна.

Зноў трапным падборам драбніц поэта дасягае тут колëрытнай маляўнічасьці.

Апроч зазначаных мастацкіх прыёмаў, у поэтыцы беларускага песьняра можна зазначыць цэлы шэраг мастацкіх асаблівасьцяй, якія цесна, органічна зьвязаны з яго ідэолегіяй...

Народнік па пераважнасьці, Багушэвіч, відаць, цікавіўся ня толькі народным побытам, соцыяльнымі ўмовамі сялянскага жыцьця, яго вабіла да сябе народная псыхолёгія.

Апісваючы тыя ці іншыя жыцьцёвыя зьявы, поэта імкнецца паглядзець на гэтыя зьявы вачмі селяніна, ён становіцца на сялянскі пункт погляду, падрабляецца пад народны тон. Адсюль вынікаюць прыёмы сказу ды адзіўленьня (отстранения) у творчасьці Багушэвіча.

Поэта вельмі часта вядзе апавяданьне не ад сябе, але ад асобы свайго выдуманага гэроя; ён як-бы імкнецца старанна захаваць сваё інтэлігенцкае, "я“ і выявіць , "я" народнае... На гэтай манеры сказу пабудаваны творы: "Хрэсьбіны Мацюка" (апавяданьне а гвалтоўных наварачваньнях вуніятаў у праваслаўную веру), "Кепска будзе", "У вастрозе", "Быў у чыстцы" ды інш.

Апавядаючы тую ці іншую падзею ад асобы селяніна, гледзячы на яе народнымі вачыма, поэта часам малюе гэтую падзею, як нешта вельмі дзіўнае, мала зразумелае. На гэтым прыёме адзіўленьня пабудаваны творы "У судзе", "Панскае ігрышча" ды інш.

Поэта, гэткім чынам, як-бы імкнецца зьліцца з народам духоўна, распусьціць сваё "я" ў народнай стыхіі.

Асабліва прынаднай была, відаць, для поэты, і беларуская народная творчасьць-гэты найбольш яскравы выраз сялян-