Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але, ня гледзячы на сваю дробна-буржуазную прыроду, ідэолёгія Багушэвіча бязумоўна мае вялізнае значэньне ў гісторыі беларускай грамадзкай думкі, становячы перад сабою першы этап сьвядомага беларускага адраджэньня, даючы імпульсы творчасьці наступным беларускім поэтам і пісьменьнікам.

Значэньне ідэолёгіі Багушэвіча яшчэ больш павялічваецца ад таго, што яна выражана ня ў форме сухой публіцыстыкі, але ў высока мастацкай, поэтычнай форме. Наш поэта займае ў беларускім пісьменстве выдатнае месца ня толькі як выразьнік пэўных грамадзкіх ідэалаў, але і як поэта, зрабіўшы значныя чыста эстэтычныя дасягненьні.

Формальныя прыёмы творчасьці ў Багушэвіча досыць рознастайныя. Вышэй мы ўжо заўважылі, што нават у "Прадмове", прозаічнай ня толькі па форме, але і па сутнасьці, публіцыстычныя заданьні Багушэвіч падпарадкуе заданьням мастацкім, малюючы нам колёрытныя вобразы. У вершах поэты вобразнасьць узрастае, прычым вельмі часта вобразу ім надаецца шырока сымболічнае значэньне. Выпраўляючыся ад простага і рэальнага факту, поэта пашырае асадкі гэтага факту, надаючы яму характар сымболю. На гэткім прыёме пабудаваны творы: "Мая хатка", "Хмаркі", "Калыханка" ды інш. Хата, якую рысуе Багушэвіч, гэта вобраз усёй Беларусі - беднай, разбуранай, але любай сэрцу поэты; хмаркі-гэта сымболь усяго беларускага народу, страціўшага пачуцьцё нацыянальнай сьвядомасьці; сялянка ў "Калыханцы"-гэта маці-Беларусь, якая аплаквае сваю гаротную долю маткі бяз сыноў. З трапнай вобразнасьцю поэта злучае значную згушчанасьць думкі і, апроч таго, уменьне некалькімі штрыхамі, часта вельмі дробнымі, даць конкрэтнае ўяўленьне. Напр., у творы „Кепска будзе", у малюнку выпытаў, рысуючы "судзебніка маладзельнага", поэта падкрэсьлівае адну дэталь пра яго:

Усё пытаецца ды піша.
І нагой усë калыша.

У другі раз далей гэтая драбніца паўтараецца:

Ўсё піша, піша, піша.
І нагой усë калыша.

[1]

  1. Дудка беларуская, стар. 48.