Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тычна-гіронічныя адносіны беларускага поэты да буржуазна-ліберальных рэформ Аляксандра ІІ. У сваім творы "У судзе" Багушэвіч выкпівае новы парэформены суд з удзелам прысяжных і спрэчкамі старон. Бяздушны формалізм суду і адміністрацыі, далёкасьць іх ад народных патрэб і разуменьня, становіць сабой тэму твору "У вастрозе", дзе перад намі разгарнаецца цэлая драма селяніна, які, па сваёй несьвядомасьці, спаліў межавы знак. У творы "Кепска будзе" поэта малюе нам гаротную одысэю вясковага хлапца які, будучы не запісаны ў мэтрыках, прыцягнуты быў да адказнасьці і пасаджаны ў турму за ўхіленьне ад агульнай вайсковай павіннасьці. Нават да рэформы 19 лютага беларускі поэта адносіцца вельмі скэптычна; помнік гэтага скэптыцызму - уступ да твору "Быў у чыстцы", дзе мы знаходзім гэткія разважаньні:

Іду й мяркую: ці то цяпер шчасьце,
Як паноў ня стала, ці то была доля.
І лічу па пальцах: паншчызны дванасьце
І гадоу ды трыццаць, як настала воля...
Там быў аканом, камісар і цівун,
Намесьнік, лясьнічы, хмістрыня, паны,
І кожны меў права ўзяць за бізун,
І кожны меў права да нашай сьпіны...
А цяпер... Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці ня болей настала паноў...
Ня надта свабодна у гэтай свабодзе
І давай я лічыць паноу новых зноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшыня,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
Зьезд міравы, прысуцтвы і сход...
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот,
А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд.

Творчасьць Багушэвіча, такім чынам, - гэта як-бы моцны рэфлектар, які высьвятляе заганы рэформ Аляксандра ІІ; у творчасьці беларускага песьняра, як у крывой люстры, гэтыя рэформы пераламляюцца з свайго адмоўнага боку. Малюючы розныя бакі сялянскага жыцьця, Багушэвіч вызначае грунтоўны вузел-экономічную эксплëатацыю; з гэтага вузла выпікаюць усе злыдні, тут заблытваюцца ўсе супярэчнасьці сялянскага жыцьця.