Гэта старонка не была вычытаная
… Ля каліны сьцелецца
Сонцам пуцявіна.
Клікнуць не асьмеліцца
Любага дзяўчына…
— Зусім стаў інакшым!
Нашто разлучылі? —
Пазнаць нават цяжка, зьмяніўся зусім…
І страх за каханьне прачнуўся ў Марылі
— Змаўчаць? Абыйсьці?…
… Павінна быць з ім!
— Рыгор!.. Ры-гор-ка!
(Абодва застыглі…)
— Ці праўда?..
— Адкуль?
Гэта ты?
— Марыля!
Адзін да другога падбеглі
І слоў
Ня стала, няма…
А пеніцца кроў.
Успыхнулі вочы,
Так міла і проста
Абняў лётчык
Дзявочую
Постаць.
I быць не магло,
Не магло быць іначай:
Злучыў пацалунак
Гарачы,
Гарачы…