Гэта старонка не была вычытаная
Колькі раненых на нарах,
Колькі змораных, слабых!
О, нязьлічаць санітары
Раны лютай барацьбы!
З нар адных — у сутарэньне,
(Будзь ім лёгкая зямля!)
Знойдуць іншыя збавеньне
На дубовых кастылях.
Ля вакна ў руках бясьсільля
(Нары № 23),
Быццам труп, ляжыць Марыля,
Сіні колер твар пакрыў.
Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі,
Точыць смага, цяга піць.
Толькі вочы не патухлі —
Зіхацяць жаданьнем жыць!
Заглядзеліся на неба
Дзе сузор‘е тчэ вянок…
„Зоркі ясныя, што небудзь
Раскажэце, мне адной“…
Вусны лістам затрасьліся.
Заблішчэла скрозь сьлязой.
„Зноўку буду, як калісьці,
Буду дужай, маладой!
А мой мілы, дзе ён, дзе ён?
Падышоў-бы, даў руку“…