Перайсці да зместу

Старонка:Нараджэньне чалавека (1931).pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

12

Рань у зорах ляскае,
Зарэе ў зорах рань.
Сьнежаньская, ясная,
Зазыўная зара.

Небаспад абвязаны
Бурштынавай каймой.
Зоры, быццам блазны,
Ўцякаюць чахардой.

Даўгою вераніцаю
Шнуруецца абшар:
Шумліва поезд мчыцца,
Усхліпвае дымар.

Дым цыгар, як лёканы,
Ў вагоне гоман-звон.
А вецер б‘ецца ў вокны,
Ён просіцца ў вагон.

Марыля, як прыпаяна,
Паглядвае ў вакно.
У вёсны — як была яна
Ледзь помніцца, — даўно.

— Цяпер зусім інакшаю,
Другой, зусім другой,
Вёска саламяшная,
Спаткаюся з табой!