Гэта старонка не была вычытаная
Душна і крыўдна. Устала з бярлогі,
Сустрэлася поглядам з Паўлам.
З імклівай ухмылкай,
З дзявочаю рызыкай,
(Кроў маладая муштруе…)
Стала ля Паўла так блізка-блізка,
Схілілася нізка,
Цалуе,
Дух затаіўшы, аддана,
І ўмомант —
Выбухам грудзі рвуцца:
Марыля адбегла і хутка й саромна
Сьпяшаецца апрануцца…
Душна ў пакоі.
А сэрца на волі —
Ў завеях дзявочых мар.
Устала. Зьбірае ў ляжанцы вугольле,
Распальвае самавар.
Вышла на двор.
Зусім яшчэ рана.
Замараз.
Нікога няма.
З неба далёка-далёка загнаны
Ветрам барашкі хмар…
Восень прачнулася раніцай яснаю,
Золатакволымі
Лісьцямі шастае.