Цемру напаўняюць гукі: спакойная чалавечая гутарка, хрыплыя ўздыхі і апетытнае сапенне спячых, хрумсанне і фырканне коняй. Яны звіняць жалезнымі путамі, нібы катаржнікі кайданамі. Хоць усе косці ломіць, а Левіну не спіцца. Свецяць зоркі, вісяць у бяздоннай вышыні лямпачкамі-начнікамі. Ад іх цягнецца бліскучае павуцінне. Цёмнай сцяною высіцца лес.
Перад сном начальства загадала не швэндацца з месца на месца. Расстаўлена варта.
На стаптаным полі ў сіняй дрымоце заміраюць галасы, нібы гутарлівая грамада павольна аддаляецца кудысьці ад гэтага месца. Ужо чутны не словы, а далёкая барабанная дроб. Смачна спяць суседзі Левіна. Толькі парабчук Сакалоўскага трывожна кідаецца з боку на бок, нешта мармыча і не можа супакоіцца.
ССум адзіноты нападае на Левіна і мучыць да болю. Дзе знайсці паратунак? Левін паволі адсоўваецца ад сваіх суседзяў, паўзе наперад на локцях і каленях. У воддалі мільгае святло ад запалкі і пара далоняў — на адзін міг. Зноў цёмна. А вось дробная іскра. Свеціцца агеньчык-светлячок і патухае. Гэта папяроса. Яна зноў ажывае паміж ружовасці пальцаў, прытоена і крадучыся. „Бу-бу-бу“ — бубніць ледзь чутная гутарка і вабіць Левіна да сябе і цягне, як блізкага. Адзін голас, з частымі пазяханнямі і ўрывістымі спынкамі, паволі свідруе слых спеўнымі словамі. Другі голас, кплівы, смехатлівы, б‘е дробненькім драўляным