Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ахвотна пачынаюць працаваць лапатамі. Хведасенка рагоча.

— Эй, ты! Барышня! Як лапату дзержыш? Го-го-го! Гэта-ж не каклетку на вілкі бярэш, каб у роцік класці. Эй, барышня, барышня!

Ён бярэ з рук засаромленай Іры лапату і паказвае як трымаць.

— Ай, ай! І якіх гэта пупсікаў к нам прысылаюць. Такой толькі фігелі-мігелі вышываць на шоўку, а не зямлю капаць.

Твар Іры палыхае агнём.

— Яна-ж дабраахвотна! Сама ісці сюды хацела! — жартуе адна з каганецкіх дзяўчат.

— Дабраахвотна? — Хведасенка грае вачыма як актор. — І я дабраахвотнік! І я! Вось і пара будзе! Капай, барышня, і не чырваней. Свае людзі — дабраахвотнікі! А ты, Магдуська, — зварочваецца ён да другой дзяўчыны, — большымі порцыйкамі капай. А то мне, дальбог, больш кашы даюць на абед, чым ты лапатай зямлі бярэш.

Тая адгіркваецца:

— Я не Магдуся, а Франуся. Капай сам, калі цябе вялікімі порцыямі кормяць!

Настрой у каганецкіх нядрэнны. „Начальства“ папалася вясёлае. Хутка рогат і гігат ахоплівае ўсіх. Здалёк чуваць строгі голас.

— Гэй, ты там, Хведасенка! Не балуй!

— Рэбяткі, рэбяткі! Працуйце, а то і вам, і мне ўляціць… На яго твары шчырае шкадаванне.

— Жыва, жыва! Прашу вас! Мілыя…