рэчы, далучаецца да сваёй грамадкі і глядзіць на незнаёмы людскі тлум разгублена і збянтэжана.
— Свежанькім выдаць лапаты! Да цямна могуць папрацаваць, — чуе Левін.
А „свежанькія“ пасля доўгай хады выціраюць пот і грызуць тое-сёе з сваіх торбачак. „Свежанькія“ скардзяцца:
— Адсапнуцца не дадуць… Мы-ж не палонныя…
— Не р-разговар-ввать!
Ім выдаюць лапаты.
— Хведасенка! Ты будеш ім паказваць, свежанькім! — камандуе той-жа голас. Гэта вайсковы інжынер з смуглым, загарэлым прыгожым тварам.
Хведасенка бярэ пад казырок:
— Слухаю, ваша… роддзе!
Левін прыглядаецца да Хведасенкі — да чалавека, у чыіх руках знаходзіцца цяпер лёс сарака каганецкіх. Вёрткі, у запыленых ботах, Хведасенка знімае шапку і выцірае хустачкай лоб. У яго круглы, загарэлы, прыемны твар, вішнёвыя вочы, тонкі нос і чорныя ланцужкі-вусікі. Ён стараецца прымаць важнецкі начальніцкі выгляд, але гэта ніяк яму не ўдаецца.
— Ну, рэбяты, арш! — крычыць ён строга, а ў строгім голасе вось-вось уварвецца малады дабрадушны смех. — Вось тут капайце! Жыва! Вы ў мяне па дысцыпліне, рэбяты!
Белыя зубы Хведасенкі блішчаць, як часнок, і вочы, паміма яго волі, ласкава пранізваюць „свежанькіх“ людзей. Яны аглядаюцца па баках і не-