V
Бадай штодня маці папракае Левіна:
— Чаму старога дзядзькі не наведаеш?
Левін ніяк не выберацца. З малых год ён памятае дзядзьку Бенцыяна — з сівой шчуплай бародкай і васкова-празрыстым тварам, а цётку Тысю — згорбленай бабуляй. Жылі яны раней у вёсцы Далінцы, за тры вярсты ад Каганцоў. Малым хлапчуком Левін бегаў да іх на паратунак, калі ў чым-небудзь правініцца ў хаце і бацька хоча яго лупцаваць. Пабываўшы ў дзядзькі дзень-два, Левін варочаўся дамоў і даставаў ад бацькі яшчэ за ўцёкі… Выправіўшы ў Амерыку апошнюю дачку, дзядзькі перабраліся ў Каганцы і паслалі дзецям за акіян свой новы адрас на прысылку лістоў і далараў. Дзядзькі цяпер жывуць у старой карчме, што пустуе ўжо некалькі год. У вялізнай, як поле, будыніне яны абралі сабе каморку.
Левін праходзіць анфіладу пустых цвілых пакояў. На падлозе накіданы кавалкі тынку, а на сценах вылазяць лапіклы прыбітай у густую клетку лучыны.