— Гу-у-у-у! Гу-у-у-у!
Гарачае паветра напоўнена галасамі ўзгарачаных людзей. Бяжыць сюды стары Антось, услед за ім Гануля-салдатка, дачка яго. Кульгае зацікаўлены Макар. Часта ад імпэту кій свой заглыбока ўсаджвае ў падатлівую зямлю і з хлюпатам вырывае. Шмат тут знаёмых і незнаёмых. Уводдалі маёнтак пана Манілоўскага, белы палац, бровар з чырвоным комінам. Па латках адтуль спушчан з чанаў спірт. Сіняваты туман-дымок вісіць нізка над вадой. Пахне спіртам. Людскія галасы растуць, як навальніца — дзікія, п‘яныя галасы.
Левін успамінае Ганг з яго багамоламі, ці шумлівы купальны пляж. Паводле яго ўяўлення (усё гэта ён ведае з кніг) зусім непадобна да таго, што чыніцца цяпер тут.
— А-а! Вось што значыць багаты! І сюды з вядром прыпёр пажывіцца! Пі, але з сабою не дазволім браць з нашай райскай рэчкі, як ты з свайго райскага саду яблычкі.
Гэта гаворыць маленькі смешны чалавечак, з чырвонымі вочкамі. Чалавечак чухае ўвесь час чорнымі пазурамі голыя грудзі, потым прыгінаецца нізка да зямлі і просіць Сакалоўскага:
— Калі ласачка, у нашу новую карчму! Просім, просім! Ты, праўда, у мяне кусочак луга забраў, адсудзіў, але просім, про-сім! Гур-а-а!
— Гур-р-ра-а-а! — падхоплівае грамада.
Людзі нагінаюцца, сядзяць на каленях, ляжаць жыватамі на жвіровым пяску і п‘юць.