Левін моцна злуецца. Не можа супакоіцца. Ён прыслухоўваецца да пчалінага гуду, які даносіцца сюды з малінніка, дзе расстаўлены некалькі вулляў. На хвіліну змоўкла балалайка маладога Сакалоўскага.
Сад пахне рознастайным водырам, аж галаву хмеліць. Дрэвы стаяць нерухомыя.
Левін паволі супакойваецца і пачынае любавацца садоўніцай Маўрай.
Бялявая садоўніца падбірае з-пад дрэў апад. Сур‘ёзная, маўклівая і гордая ходзіць яна ад дрэва да дрэва з кошыкам у руках. Левін не спускае з яе вачэй. Сакалоўскі-сын штурхае яго балалайкай у бок ды папярэджвае:
— Аслепнеш…
У Маўры белыя, даўгія і густыя валасы, белыя бровы і бірузовыя вочы. Тонкія губы нагадваюць чырвоныя ніткі. Стройная, лёгкая ў сіняй безрукаўцы, яна як-бы зачароўвае людзей і дрэвы. Малочна-белыя рукі выгінаюцца, як дзве дзівосныя змейкі.
— Эх, садоўніца! — стогне Сакалоўскі, злосна кідае ў траву балалайку і падміргвае Левіну. — Глядзіш на белавалосую? Зараз пакажу, як трэба з ёю.
Ён ціханька падкрадваецца ззаду да Маўры, ахоплівае яе тонкістан і мерыцца пацалаваць у шчаку.
— Адыйдзі, брыда!
Яна гнеўна вырываецца з яго рук, штурхае яго ад сябе завостраным як верацяно локцем, і ён моцна грукаецца патыліцай аб яблыню.