Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

задумваецца. — А можа… яму-ж пэўна добра плоцяць… Ён не ёлап…

Сакалоўскі пацягвае сябе за вусы так старанна, нібы хоча іх выцягнуць на поўаршына ўдаўжыню.

— А вайна, скажам, вайна, пане дабрадзею, гэта гісторыя. Ваявалі мы з японцамі, з туркамі, а там даўней з французамі, са шведамі. Гісторыя. Як наплодзіцца шмат народу, дык дзе з ім дзенешся? Гэта-ж, каб не вайна — зямлі-б было мала для людзей. Людзі вельмі плодныя. Ад цеснаты брат брата ўсёроўна зарэзаў-бы. Вось гісторыя і ратуе! Вайна, пане дабрадзею, добрая штука, а гісторыя — разумная рэч, разу-умная!

Ад сваёй „разумнай гісторыі“ Сакалоўскі ззяе, як сонца. Вочы-шчылінкі ў яго дабрадушна масляцца.

Левін вось-вось скажа:

— А родны сын „зайцам“ жыве? У разумную гісторыю не пасылаеш?

Не, Левін не скажа. Ён праз меру далікатны.

Камлюкаватая фігура Сакалоўскага моцна стаіць на зямлі на тоўстых сланёвых нагах. Голас яго свойскі і па-бацькоўску апякунскі:

— Дык ведай, Шлёмка, ці то мір, ці то вайна, а трэба ўмець жыць на свеце, як роднаму сыну, кажу. Я то вучуся жыць, вучуся. А бацька твой не вучыцца, не ўмее. І здаецца чалавек такой спрытнай веры! Не раз гаварыў яму: дай, Шолам, заложым гандаль які, дык ён: „пачакаем, паду-