IV
У цэнтры мястэчка ўгрызаецца клінам фальварак Сакалоўскага. Высокі частакол нагадвае крэпасць. Ліпы і дубы густымі прысадамі вядуць углыб двара. З вуліцы не відаць ні хаты, ні саду. Апрача гаспадаркі Сакалоўскі скуплівае палатно на мяшкі для акопаў у суполцы з Шыманам Кантаровічам і з „ціхім анёлам“ — Гарэлікам. Ён „працуе“ на фронт і паважае начальства. Сад здаў у арэнду, сам не мае часу важдацца з ім. Ён яшчэ скуплівае жывёлу па ваколіцы і накіроўвае ў павятовы гарадок падрадчыку Фельдману, які вялікімі гуртамі гоніць яе ў Вільню для арміі. Да Сакалоўскага прыязджаюць у госці бацюшка, ураднік, прыстаў. Яго круглы голены твар, з доўгімі вусамі, ружавее з гордасці і пашаны пры сустрэчы з гэтымі гасцямі. Чорныя штаны — шырокія і круглыя — выпушчаны на боты, і яго ногі падобны да сланёвых.
Праз вялізны дзядзінец сядзібы Сакалоўскага Левін ідзе ў сад на брынканне балалайкі і разам