галовым, як сівы дзед. Левін — рыжагаловым з агнявымі пералівамі. Не раз у росныя раніцы яны хадзілі разам рыбу вудзіць. А калі Ляксандра быў у Каганцах пастушком, Левін выганяў раніцой карову і далучаў да стада Ляксандра. У кожную пятніцу ён прыносіў Ляксандру велічынёю ў курынае яйцо белую булачку, якую маці Левіна заўсёды пякла для пастушка. Булачка з маленькай круцёлкай наверсе, падобнай да лічбы восем. Ляксандра звычайна еў булачку павольна, са спынкамі і так доўга, што за той самы працяг часу можна было з‘есці булку ў тры фунты…
— Чаму так доўга ясі? — пытаўся раз Левін у Ляксандра.
— Каб доўга смачна было…
За такую булачку Ляксандра даваў Левіну бяроставую трубу. Шлёмка надзімаў шчокі, трубіў з усіх сіл і з незвычайнай гордасцю глядзеў на поле, на жаўранкаў, і на хваёвы рыжаваты касагор. Водгаласкі гучэлі навакол урачыста і стройна. Каровы са здзіўленнем аглядаліся на трубача. Не раз Ляксандра паказваў Шлёмку, дзе суніцы растуць. Навучыў лапці плесці і кошыкі. У бытнасць Левіна лясным прыказчыкам, Ляксандра быў лесарубам.
Даўно гэта было. Вялікі горад, дзе Левін жыў апошнія тры гады, выветрыў з яго памяці сяброў дзіцячых год, аддаліў іх ад яго не на тры, а на трыццаць год.
Чуласць агарнула Левіна.