Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і тонкі. Ад іх белыя падушкі і ўсе кнігі Левіна ў чорных кропках. Левін прабуе выганяць іх венікам праз адчыненыя вокны. Ён хоча ісці ў самы прытульны куток у Каганцах, — у вялізны сад Сакалоўскага. Гэты сад арандуе сёлета „старавер“ (так яго тутэйшыя называюць) Ягор. Садавіны яшчэ зялёныя, але сад трэба пільнаваць ад дзяцей. Арандатар Ягор пабудаваў у садзе вялізную будку з драніц, і ў гэтай будцы жыве яго дачка Маўра — высокая, стройная дзяўчына з бірузовымі вачыма і белымі валасамі. Там халадок, там вельмі прыемна пагуляць. Разамлелы і гультаяваты Левін выходзіць з хаты. У яго ўнутры нейкі гнёт. Нібы злодзей, гэты гнёт падкрадваецца да яго ціхачом і псуе настрой. У хаце галеча. А вось ён цяпер лішні рот. Трэба шукаць працы. Ехаць у Менск? Што там рабіць будзе? Спецыяльнасці ніякай… Гнятуць думкі, міжволі непакояць. Зноў ісці ў лясныя прыказчыкі? Лясныя купцы перавандравалі далей ад лініі фронта.

Насустрач Левіну салдатка Гануля з дзіцём на руках. Малое і кволае туліцца да матчыных грудзей і смокча-смокча аж захлінаецца. Ручкай, худзенькай і ніколі не мытай, трымаецца так моцна за паркалёвую кофтачку маці, нібы зараз паляціць у процьму, як толькі расслабіць пальчыкі. З-пад кужэльнага кавалка палатна замест хусткі вылазяць скалмачаныя русыя валасы. Вакол светласініх вачэй цёмныя кругі. Шчокі жоўтыя і заўпалыя. У вачах туманісты бляск неастылага гора. Гануля