„Ваш муж, Александр Вайда, пал героем на поле брани за царя и отечество“.
Спачатку Гануля не зразумела ў чым справа. Словы „героем“ і „на поле брани“ зацямнілі яе думкі. Яна меркавала, што гэта нейкую радасць ёй напісалі. А калі Левін растлумачыў, яна адразу згорбілася, выскачыла на двор з лістом у руках. Праз колькі хвілін з антосевай хаты пачулася ніто песня, ніто плач. Салдатка пачала галасіць і прыгаварываць рытмічным і спеўным рэчытатывам. Творыць Гануля жаласлівыя песні пра забітага мужа-саколіка, пра косці і дождж, пра маці-зямельку сырую, пра сонейка і зязюльку над адзінокай магілай. Прыпеўка кожнай песні канчаецца праклёнам: яна праклінае вайну.
Калі-ні-калі суседкі збіраюцца супакойваць яе, ківаюць галовамі, выціраюць свае вочы і выходзяць супакоеныя. А сама Гануля супакоіцца не можа.
Кожны яе стогн, кожная скарга, кожнае слова лезе ў вокны хаты Левіных, як востры дакор. У Левіна часта шчэміць горла. Маці Левіна, стоячы нахіленая ля печы, таропіць вочы ў палаючыя дровы, у чорныя гаршкі, уздыхае і зморшчанымі далонямі мажа сажай свой твар. Яна бароніцца ад слёз. А бацька Саламона Левіна, Шолам, чалавек худы і высокі, з асірыйскай чорнай барадой і заклапочанымі чорнымі вачыма „радуецца“. Ён трэ рукі адну аб адну, нібы мые іх, і радасна глядзіць на госця-сына.