шыі, трывожна гагочуць, а часам залапочуць крыллямі, узнімуцца на некалькі локцяў ад зямлі і зноў спусцяцца плаўна. Няма дзе дзецца ад заядлых дзяцей — і гутарлівай грамадкай гусі пасунуцца пыльнай дарогай да возера.
Школьныя кнігі сяляне забралі на цыгаркі, геаграфічныя карты і малюнкі звяроў і жывёлін парасцягалі са сцен школы вясковыя дзяўчаты на аздабленне сваіх куткоў па хатах.
Насупроць хаты Левіных бацькоў стаіць былая манаполька. Над яе высокім ганкам яшчэ красуецца вывеска „Казенная винная лавка“. Побач — куча набітага бутэлечнага шкла. Ваколічныя п‘яніцы паняволі піць перасталі. Да вайны бадай кожны дзень яны прыходзілі ў манапольку па „сотачку". Стукне чалавек дном шкаліка аб далонь, корак выскачыць угару, як кулька з дзіцячай стрэльбачкі, задзярэ чалавек галаву, зірне ашклянелымі вачыма ў неба, нібы бога госпада там шукае, а гарэлка бульк-бульк у глотку і на худой жылістай і бурай шыі відаць, як вадкасць клубкамі коціцца ў нутро. Потым з вытарашчанымі слязлівымі і шэрымі вачыма Янка ці Антось бяжыць праз вуліцу да маткі Левіна з суседскай просьбай:
— Шоламіха, злітуйся… Дай на закуску скарыначку…
Старыя п‘яніцы з ваколіцы не могуць супакоіцца. Прыходзяць часта сюды, садзяцца на прасторны ганак манаполькі, маўклівыя і злосныя і мала між