— Ужо!
На Левіна ніякай увагі. Відаць, яго асоба ім ужо вядома. Яны садзяцца за стол з такой упэўненасцю, нібы іх ужо запрасілі на пачастунак.
— Вячэрацы! — загадвае адзін з іх і нюхае паветра вострым носам-дзюбам. Другі маўкліва і сур‘ёзна кладзе на стол калянкоравую папку.
— Дзеці, спаць!
На гэты раз дзеці паслухмяна выходзяць у другі пакой. Стражнікі расшпільваюць шынелі і бяруцца за карты.
Гаспадыня соўваецца з пакоя ў пакой, камандуе дзяўчынай-работніцай, якая ставіць на стол закускі. Шыман Кантаровіч, паслухмяны і спрытны, — гатовы цяпер на паслугі да таго, што, здаецца, у рэчку кінуўся-б, каб толькі „начальства“ загадала, — прыносіць з патаемных заховаў пляшку гарэлкі і трасе перад лямпай. Гарэлка пеніцца і кіпіць белым зернем.
Левін хоча ісці.
— Пачакайце, — просіць гаспадыня, — разам павячэраеце.
Левін аднекваецца, але гаспадыня ўмее так пяшчотна прасіць вачыма, што ён мусіць астацца. Знекуль чуваць пах яечні.
— Малайчына гаспадыня! — хваліць адзін стражнік, і вусы яго, ходзяць хадырам, як у таракана.
— Правільна! — кажа другі, а шэрыя вочы ў яго нахабныя да прыкрасці.
Прыносяць яечню. Гарэлку наліваюць у чаркі.