манцы. Конік стараецца з усіх сіл, расцягваецца і выгінаецца да самай зямлі, а гаспадар з усіх сіл сцёбае яго пугаўём па рэбрах. Да першага воза прывязаны аглоблямі другі воз, на якім ляжыць плуг, барана, хамут і начоўкі. У начоўках сядзіць маленькі хлопчык і дзьме ў паліўнога коніка.
За фурманкай Левіна едуць нізенькі Гарасім са сваімі, і кульгавы Макар. Абоз бежанцаў з Каганцоў і ўсёй ваколіцы расцягваецца далёка. Пярэднія хаваюцца ўжо ў хмурай далі кацярынінскіх бярозавых прысад. Па абодвух баках дарогі цягнуцца полем яшчэ два шнуры фурманак і людзей.
Кульгавы Макар аб нечым горача спрачаецца з Гарасімам, абодвы махаюць рукамі, але Левін з-за грукату не чуе іхняй гутаркі.
Мяжой ідзе салдатка Гануля з дзіцём на руках.
Вось на тракце апошні ўзгорак, скуль, як на далоні, відаць Каганцы і ваколіца. Левін глядзіць смаглымі вачыма. Не ён адзін пазірае цяпер туды… Па палях і прасёлачных дарогах мітусяцца эшалоны войска і вайсковы абоз.
Гараць хутары.
Воблакі дыму са снапамі іскраў засланяюць сабою будынкі. Мястэчка ўспыхвае адразу ў некалькіх мясцах. Агонь перакідваецца з хаты на хату вялізнымі жоўтымі языкамі. Старая карчма стаіць чорнай грамадзінай. Адна хвіліна — і знутры праз дах у некалькіх мясцах узнімаюцца сінія струменьчыкі дыму, пасля выбухае полымя. Дрэвы ў садзе Сакалоўскага апранаюцца ў агонь.