і ноч, — восеньская, цягучая як дзёгаць, — праплывае перад ім каламутнай рэчкай.
Бацькі няма.
На раніцу прыходзіць мельнічыха — саюзніца у новай бядзе.
— У школе ўжо нікога няма. Нашых вывезлі ў Менск.
— Адкуль даведаліся?
— Салдаты гаварылі.
— Добра, калі ў Менск, — мяркуе Левін. — Там разбяруцца ў чым справа. Бо хто-ж гэта не разумее, што нямецкая разведка магла спыніцца ў любой хаце. Хто-ж яе прагоніць?
Аднак унутры, у думках вялікая трывога не рассейваецца. Сярод афіцэрства ёсць такія, што маюць садысцкую прыемнасць „знаходзіць шпіёнаў“. Яны іх „знаходзяць“ у кожнай мясцовасці, па мястэчках і вёсках, дзе толькі праходзіць армія. Вешаюць і страляюць сотні невінаватых людзей.
Раптоўнае грукатанне спыняе думкі. Здаецца, што правальваецца зямля. З акон сыплюцца рэшткі шыб. Недзе блізка нібы цапамі малоцяць.
Мельнічыха бяжыць дамоў да дзяцей. Па вуліцы на конях імчацца казакі. Крычаць:
— Выбірайцеся!
— Зараз герман прыдзе!
— Вы-бі-рай-це-ся!