ў самае сонца, а прысадзісты Антось цокае цвёрда языком — акурат цокат капыт па каменнях.
Зайчык скача з купінкі на купінку. Быццам зусім не ўцякае ад небяспекі, а гойсае, грае і забаўляецца на сонцапёку. Ад яго скоку аж у вачах пярэсціць. Ён стрыжэ доўгімі вушамі і скача ўсё далей і далей. Бацька цюкае і люкае, а хлапчук — у дагонку за зайцам.
Хутка рыжы Антось бярэцца зноў за пілу.
— За працу, Ляксейка! — кажа ён. — Годзе зайцамі забаўляцца. Усе мы „зайцы“. Я — „заяц“ у Левіна. Левін — у Соркіна. Соркін — у Плоткіна, і так яно ідзе аж да пана Манілоўскага і вышэй.
Раптоўна і неспадзявана ўспамінае Левін гэты абразок з бытнасці сваёй колькі год таму назад лясным прыказчыкам.
Цяпер рыжы Антось на вайне. Яго сын, пятнаццацігадовы Ляксейка, арэ, косіць і, каб паказаць сваю сталасць, вучыцца курыць.
За доўгім сталом у Кантаровіча, куды запрасілі Левіна ў госці, сядзяць „зайцы“ і заядла рэжуцца ў карты. Цяпер — у тысяча дзевяцьсот пятнаццатым годзе — называюць „зайцамі“ дэзертыраў вайны. Ім пагражае расстрэл, а ў найлепшым выпадку іх адразу выпраўляюць на пазіцыю — „на першы агонь“. Аднак у мястэчку Каганцы і ваколіцы ня-