гаспадарамі. Маці запальвае лямпу. Пры святле адны адных з цікавасцю аглядаюць. У звычайных абставінах гэтыя дзецюкі з казацкімі лампасамі на штанах можа быць самыя найлепшыя людзі. Шырокія твары. Вясёлыя вочы. Сялянская свойскасць. У Левіна недзе ў глыбокіх шчылінах свядомасці, нібы куслівы мароз, тоіцца страх.
— Што, сынкі, скажаце? — пытаецца ў гасцей чорнабароды Шолам.
Казакі глядзяць адзін на аднаго, нібы сапраўды не ведаюць зачым сюды прышлі. Адзін з іх кажа:
— Мястэчка наша. Начальства аддало яго нам за тое, што германа прагналі.
— Вельмі рады, — кажа старшы сын Шолама і душыць свой нутраны страх. — Мы — вашы, а вы — нашы. Што-ж вы хочаце?
— Есці…
Старшы сын зварачаецца да маці павесялеўшым гасцінным голасам:
— Маці, есці давай.
Старая прыносіць малако і хлеб.
— Усё, што ёсць, нясі сюды! — просіць ён.
Яна прыносіць сыр, яйкі і кажа:
— Больш нічога няма.
Казакі ядуць не зусім рупна, стоячы, аглядаючыся па хаце. Відаць, што сёння менш пасцілі за местачкоўцаў. Хутка казакі пакідаюць есці і самі адчыняюць старую камоду.
— Нам-бы кашулі, — кажа адзін з іх, і давай перакідваць рэчы ў шуфлядах.