Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каюць шыбы. За апошнія тыдні так прывыклі да гэтага „пульса вайны“, што заціш прыкра цяпер для вушэй, як мароз. Ад зорак спускаецца на зямлю слабае валакно водсвета. Праз вокны відаць чорныя грамоздкія сілуэты хат і застылыя фантастычныя сілуэты старых бяроз. Здаецца, што яны то аддаляюцца ад акна, то набліжаюцца ў нямой напружанасці.

Раптам Левін уздрыгвае.

Не. Гэта толькі пеўні спяваюць. Пераклікаюцца па ўсёй ваколіцы, як дазорцы. У іх паўночных галасах няма заўсёднага прытулу і цеплыні. Хочацца, каб і яны маўчалі, каб у маўчанні было забыта мястэчка, каб забыліся, што тут дрыжаць ад страху па кутках Борухі і Шоламы, на якіх царскі ўрад не забараняе спаганяць любую злосць. Наадварот — урад падбухторвае на тое, што Шоламы і Борухі нібы вінаваты ў розных бедах…

Спевы пеўняў — сігнал для новых гукаў ночы. З блізкай вёскі, дзе спыніліся нанач казакі, чуваць трымканне на балалайках і заліхвацкія выкрутасы гармоніка. Вясёлы народ гэтыя казакі. А пасля выпіўкі ў маёнтку пана Манілоўскага яны, казакі, такія падатлівыя людзі. Для іх не трэба чысціць ні школы, ні карчмы. Яны любяць прытул цесных хатак.

Гармонік і балалайкі весела набліжаюцца. З хаосу гукаў выплываюць кавалкі песень, музычныя фразы. Не мясцовая музыка. Тутэйшую песню Левін пазнае з аднаго-двух гукаў.