„Мабыць, думаў, што карова жыдоўская“ ўрэзваецца ў грудзі Левіна вострай пікай. Ён ведае, што казацтва з‘яўляецца адной з галоўных апор самадзяржаўя. Яно, казацтва, — немалая сіла пры „усмирении крамолы“, — карыстаецца вялікімі прывілегіямі ад царскага ўрада і жыве заможна; там казак можа мае больш зямлі і стада з тутэйшага шляхціча. Але багацце жывіцца на касцях беднасці. Сярод іх пэўна яшчэ больш бедных, парабкаў, малазямельных.
Гэта крыху пацяшае Левіна. Бяднейшыя напэўна не такія лютыя. І ўсё-ж яны людзі. Няўжо будуць здзеквацца без дай прычыны з местачкоўцаў? Многа брэшуць пра казакаў.
Патухлі кончыкі пік. Сонца схавалася. У мястэчку казакі не спыняюцца. Едуць на хутары за млын, у бліжэйшыя вёскі. Тут застаецца толькі іхняе начальства.
— Гэта ўсё-ж такі абарона. Начальства не дасць сваволіць падвыпіўшым казакам, — мяркуюць местачкоўцы.
Дзе спыніцца начальству, калі не ў самых багатых людзей мястэчка? Сакалоўскі і Кантаровіч ужо знаёмяцца з ім.
— Мы сваё дабро ратавалі ад немцаў, заўчас у Менск адправілі… Мы дастаўляем скот для арміі… Мы… не тое, што іншыя.
Начальства адчувае шчодрасць ежы і пітва, мяккія, чыстыя пасцелі. Адзін з местачковых падрабі-