зацкія шапкі і чубы. Сярод казакаў нямала барадатых і пажылых. Яны аглядаюцца па баках на людзей, на вокны, верцяцца на сёдлах направа і налева, нібы з-за кожнага вугла падазраюць здраду. Нічога не спускаюць з вачэй. Некаторыя з іх задаюць каганецкім запытанні:
— Калі адгэтуль герман уцёк?
— Мабыць усё герману аддалі і для нас нічога не пакінулі…
На кончыках пік граюць апошнія сонечныя бліскі. Цэлы лес пік выглядае дзівоснымі запаленымі свечкамі.
Левін глядзіць праз акно і дзівіцца своеасабліваму поўдзікаму хараству. Каб гэтым коннікам цяпер дэкарацыя вольнага бязмежнага стэпу. Левін прыглядаецца да казацкіх твараў, якіх ведае дагэтуль толькі з апісанняў. Але абветраныя, барадатыя і голеныя твары шпарка праносяцца міма.
З двара салдаткі Ганулі высоўвае галаву рабая карова. Адзін з казакаў, малады і чорнавалосы, на поўным бягу смаліць нагайкай карову ў самыя вочы. Карова ўцякае. Гануля стыдзіць казака з-за брамы:
— Як не сорамна жывёлу біць?
Той казак ужо далёка наперадзе. Замест яго адказвае другі:
— Мабыць думаў, што жыдоўская…
Ён шчэрыць на Ганулю белыя зубы і не чуе яе кплівай заўвагі:
— На гэта вы ваякі, а вось немца так папрабуйце.