Салдат падзывае да сябе малога брата Левіна, садзіць яго — сарамлівага і пачырванеўшага — на калені, гоцкае і смяецца:
— Зон, зон, — кажа ён і нешта доўга апавядае. Левін разумее, што ў яго, салдата, якраз такі сынок, такога росту, такія вочы і салдат зараз-жа дастае з кішэні фамільную фатаграфію.
Пажылая жанчына ў чорнай вопратцы сядзіць на крэсле ля століка. Па баках — два хлопчыкі. У меншага сапраўды нейкае падабенства дя брата Левіна.
Салдат сумна таропіць вочы на агонь. Чорныя зрэнкі становяцца залацістымі. Ён доўга і моўчкі гладзіць па галоўцы малога брата Левіна…
Раніцою немцы пакідаюць мястэчка. Едуць туды, куды колькі дзён таму назад паехаў увесь атрад. Салдаты запэўніваюць каганецкіх:
— Тут ужо намі занята, а вось мы дойдзем да Менску і пойдзем далей, каб з Руслянд зрабіць Дойчлянд.
Каганецкія адносяцца да гэтага абыякава і бяруцца за сваю штодзёншчыну.
Каб не рыжы Антось з яго трагічным голасам і трагічнымі словамі аб тым, што „яшчэ не скончана“, каганецкія пачалі-б зноў жыць поўным жыццём, бачучы перад сабой свой звычайны маяк з надпісам: „Там добра, дзе нас няма“, але сляпы пакінуў свае жорны і ходзіць па вуліцах. Ён та-