Каганецкія першы раз у жыцці пачынаюць пазнаваць радасць беднасці…
Але не — пачакайце. Салдаты не хочуць пакрыўдзіць гонар местачкоўцаў: выбіраюць сабе самае лепшае з мужчынскай бялізны…
Сярод нямецкіх салдат на гародах адзін вызначаецца сваімі залатымі акулярамі і фотаапаратам. Усе яго тытулуюць доктарам. Ведае Левін, што гэта не доктар медыцыны. Доктар увесь час фатаграфуе раскіданую старызну і ўсё гаворыць сваім аб этнаграфіі, археалогіі ды культуры. Ён бярэ сабе стары падсвечнік, алавяную лыжку і яшчэ сёе-тое.
У доктара-археолага вялікі запас фотаздымкаў. Ён паказвае Левіну некаторыя з іх: каганецкую карчму, старога Бенцыяна, падсвечнікі з арнаментамі і язэпаву тройку. Тройку называе „русішэ трактар“.
Каганецкія валакуць назад з гародаў у хаты свае мяшкі і скрыні.
Левін прыглядаецца да таго салдата, што на гародах адцягваў ад ям пышнавусага драпежніка. Чорныя вочы, невялічкія вусікі і лагодны голас. Яны сядзяць на канапе ў хаце Левіна і вядуць гутарку без тлумача: напалавіну словамі і напалавіну рухамі. Салдат гаворыць доўга. Ён вебер — ткач. Дома пакінуў сям‘ю без сродкаў.
— Не жадайце вы орднунг нашай арміі, — кажа