Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Скардзіцца буду! — крычыць Левін не сваім голасам і скідае з сябе рэшткі палярыны. — Скардзіцца буду!

— На каго? На мяне? Я табе зараз пакажу, нямецкі шпіён! — і ранены — цоп Левіна за каўнер. — Хлопцы! Выкінем яго пад адкос. Ядры яго транты! Адным шпіёнам менш будзе!

— Хуліганы, што вы робіце? — падскаквае чалавек у сівой жакетцы.

У вагоне пачынаецца сумяціца.

*

Поезд рэжа прастор… Тарахцяць калёсы. Пазірае Левін з смяртэльнай тугой навакол. „Можа быць кандуктар з‘явіцца?“ Сцісквае зубы, каб не стукалі адзін аб адзін… „Няўжо зараз канец? Сярод тлуму народу“. Пасажыры з вагона ўжо бадай усе тут!

— Шпік!

— Нямецкага шпіка цапнулі!

Варожыя позіркі колюць Левіна. Ён да таго разгублены, што нават страх знікае.

— Калі шпік, дык мы яго на чарговай станцыі жандарам перададзім!

І гэтыя словы здаюцца Левіну паратункам.

— У мяне дакументы, дакументы!

— Ге-ге-ге! Заўсёды ў шпіёна самыя лепшыя дакументы!

— Мы кроў праліваем, а шпіёны тут валэндацца будуць! Я вось ранены! За што? За каго? Вось за гэткіх шпіёнаў!