Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вока на забінтаваным твары раненага да таго спрытна зыркае ва ўсе бакі, нібы працуе за дзесяць вачэй. Яно, чорнае і раскосае то жмурыцца, нібы ад сонца, то шырока расплюшчваецца, нібы ад дзіва. Кожны раз яно спыняецца на чорнай палярыне Левіна, прыцягвае магніт — бронзавая засцёжка з бліскучых ільвіных галоў.

— Эх, дзядок, дзядок, — кажа ранены з чуллівасцю ў голасе. — Эх ты, бацька мой… Што нам значацца немцы? — Ярунда! Цьфу! Мы-бы іх заплявалі, мы-бы іх шапкамі закідалі. Даўно вайне быў-бы канец.

— Даўно-бы! — пацвярджаюць яго таварышы.

— Дык чаму-ж не канчаеце? — вылупіў на іх дзядок вадзяністыя вочкі з чырвонымі абадкамі.

— Чаму не канчаем? О-го-го! Вось тут і закавычка з кістачкай. (Ранены робіць доўгую паузу, бярэ з кучы падарункаў шакаладку і запрашае сваіх таварышоў рабіць тое самае. Дзядок глядзіць на яго з разяўленым ротам). Бо шпіёны губяць Расію, прадаюць яе немцам.

Вока раненага робіцца вельмі грозным. Яго таварышы гнеўна касавурацца на чорную палярыну Левіна.

— Уцякай адгэтуль, — шэпча Левіну на вуха другі невідочны, нутраны Левін. — Не! Ніяк нельга цяпер. Пры чым тут ён, Левін. А як пойдзе — горш будзе. Куды ён можа ісці з вагона? Ды чаго баяцца…

Імчыцца поезд. Строга, нібы пагрозлівыя пальцы, мільгаюць тэлеграфныя слупы, яны папярэджва-