талі. Ляжу сабе. Чую — ходзяць, гавораць. А ноч доўгая, цёмная — сваіх пальцаў не бачу. Мацаю вакол сябе падушку, коўдру, сваю галаву. Уцяміць не магу, чаму ляктрыцтва не свеціць? Ах ты! А навакол — шаптушачкі міласэрдных сясцёр. Вастру вуха: „Аслеп, кажуць, дзядзька гэты“. Хтосьці падыходзіць. „Хто?“ — пытаюся — „Доктар“. І я да яго: „Што гэта са мною, чаму нічога не бачу?“ Ён бярэ мяне за руку, і чую яго нейкі сарамлівы голас: „Дома на свежым паветры бачыць пачнеш“. Тут мяне нешта такое схапіла з самага нутра… Б‘юся галавою аб ложак і выю… Ах ты! Выю, як воўк. Жаночы голас міласэрднай сястры просіць-моліць мяне: „Супакойцеся, дзядзя, дома паправіцеся.“ А я — у гвалт: „Труціце мяне, рэжце — сляпым дамоў не паеду!“ — „Супакойцеся", — чую жаночы голас, такі добры, і яна гладзіць маю руку, як малога хлопчыка, а я плачу. Ах ты! А вакол мяне туп-туп людзі. „Зусім не пазнаць, што сляпы“ — дзівяцца ўсе.
Кульгавы Макар згаджаецца з усімі:
— Каб не ведаў, дык, сапраўды, па вачах не пазнаў-бы.
Паволі сляпы салдат уваходзіць у азарт апавядальніка:
— А каб ты ведаў, якое здарэнне было са мною, як выпісалі з больніцы. Вядзе мяне адзін землячок на вакзал, вядзе так асцярожненька — і раптам шусь мне ў самае вуха: „Гіх ты, чорт! Генерал ідзе“ — і туп-туп ад мяне на некалькі крокаў,