Усё гэта ранены гаворыць з доўгімі спынкамі, апетытна жуючы тое-сёе з прынесенай даніны. Пасажыры моўчкі ловяць кожнае яго слова.
З іранічнай усмешкай на маршчатым твары недаверліва паглядае на раненага толькі адзін пажылы чалавек у сівой жакетцы з маленькім пакуначкам у руках.
— Еш, сынку, еш родненькі, — не адстае маленькі дзядок і совае раненаму яшчэ пару абаранкаў…
Ранены спакойна кладзе іх у кучу рознастайных падарункаў і зыркае здаровым сквапным вокам ва ўсе бакі; чакае, ці яшчэ хто з гарачых прыхільнікаў не нясе чагосьці смачнага. А гарачыя прыхільнікі глядзяць на яго здаровае вока і па-ціханьку ўздыхаюць, уяўляючы пад белым бінтам пустую яміну замест вока… Калі-ні-калі аднавокі позірк салдата спыняецца цяжкай кропкай на чорнай палярыне Левіна. Спыняецца праз меру ўважліва. Крыху прыкра становіцца Левіну. „Зайздросціць, што мае вочы цэлыя,“ думае, Левін і пачынае шкадаваць: „палярына вызначае мяне з усіх іншых“…
— Калі, сынку мой, скончыцца гэта ліха? — не адстае дзядок-лялечка ад раненага. Пара, здэцца, памірыцца. Эге-ее! Вось я, скажам, застаўся адзін на хадзяйстве. І бяда — пусцее поле. Не магу справіцца. Сын у мяне ўся сіла. Вайна з‘ела яго. Дык што-ж ты, чалавеча, зробіш цяпер, што зробіш? — вайна, пагібель… Эге-ее! Эхе-хе!