ІХ
Яны стаяць на вуліцы недалёка ад былой манаполькі. Адзін з іх — кульгавы Макар. Другі — камлюкаваты шырокаплечы чалавек у салдацкай вопратцы. У яго шырокі твар, абрамлены густой шчоткай валасоў колеру іржавага жалеза. Пад густымі такога-ж колеру брывамі спакойныя, чыстыя, шэрыя вочы. У нейкім здзіўленні яны ўтароплены ў кульгавага Макара. Па выгляду яму ад сарака да пяцідзесяці год. Бярозавым кіем ён нібы нешта піша па зямлі. Рыжавалосая дзяўчынка гадоў васьмі водзіць тоненькім пальчыкам па двухгаловым арле на бліскучай бляшцы яго раменнага пояса. Ён дае свой бярозавы кій дзяўчынцы і лезе да сябе ў кішэнь штаноў правай рукой.
Назіраючы за яго рухамі, павольнымі і асцярожнымі, кульгавы Макар гаворыць да яго спачувальным мяккім голасам, як да хворага:
— Па-мойму, табе лепш з люлькі курыць, менш важданіны. Я сам паважаю толькі люльку.