Сакалоўскі. Мая фірма лепшая за вашу!
(З свайго пакоіка высоўваецца ў чорнай ярмолцы стары кніжнік Лейба Кантаровіч).
Лейба Кантаровіч. Ша, дзеткі. Не рабіце шуму. Кіньце сварыцца. (Нюхае тытун і чыхае). Аб такіх справах трэба ціханька-ціханька гаварыць. А то бог раззлуецца і можа здарыцца, як з каровамі ў фараонавым сне: пяць кароў глынуць увесь ваш гурт. Трэба вырашыць справу ціха, пачэсна і па-купецку. Калі Сакалоўскі ад сябе прадасць — будзе крадзёж, а калі ўсе разам у суполцы — тады гэта гандаль. Скажам так: калі на вайне хто каго заб‘е, дык гэта бравы салдат, а калі чалавек заб‘е чалавека дома, дык гэта ўжо разбойніцкая справа. Вось я і кажу (зноў нюхае тытун): каровы трэба дзяліць на тры часткі.
Сакалоўскі (раззлаваны). А крама Войскай? Ты, стары талмудыст, даў мне частку з гэтай крамы?
Лейба Кантаровіч. Талмуд — талмудам, а гандаль — гандлем. Крама? Там не мы адны былі, а цэлая кампанія…
Сакалоўскі. І ў мяне, ёлап стары, была цэлая кампанія, два начальнікі, салдаты, а парабкам трэба таксама горла заткнуць.
(Ланцуг спрэчак цягнецца доўга. Кожны застаецца пры сваім. Стары кніжнік вяртаецца ў свой пакой).
Ціхі анёл. Вярніце мне мае капіталы, і я паеду дамоў.