Перайсці да зместу

Старонка:Набліжэнне (1935).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у плеценыя кошыкі, у звычайныя папяровыя скруткі. У адзін момант вочы блішчаць дабратою, чуласцю, захапленнем, і музыка сэрца ператвараецца ў падарункі, у гасцінны знак пашаны і любасці да раненага воіна. Хто дастае яблыкі, хто шакаладкі, пірожныя, булачкі, канфеты, папяросы. Усё-ўсё для героя вайны!

І стары дзядок нясе даніну „ірою“: пару віленскіх абаранкаў. І Левін дастае з чамадана частку з тых гасцінцаў, што вязе ў Каганцы сваім братам і сёстрам.

Побач з раненым яшчэ некалькі салдат. Шырокі белы бінт наўскос твара раненага ахапляе правае вока і надае вусатаму салдату гераічнасці і пакуты. Левае вока ўсміхаецца хітрай і лёгкай усмешачкай. Шырачэзныя сківіцы ходзяць туды і сюды, нібы жорны. Рукамі ён робіць княжацкія гэсты, металавым вібруючым тэнарком апавядае, і ў той-жа час прыспешна жуе з прынесеных гасцінцаў.

…Вось, землячкі, што былі разам са мною ў акопах, недалёка ад Горадні, салгаць не дадуць. Пайшлі мы гэта ўночы ў разведку. Цемра такая, што адзін аднаго не бачым. Ідзем-ідзем і чуем: „гер-гер-гер“. „Гэта-ж немцы!“ — шапчу сваім. Я, значыцца, старшым быў. Мы ціханька на іх. Коратка кажучы, усіх перакалолі. А мне нешта як жыгане ў правае вока. Герман папаў мне штыхом у самае, коратка кажучы, вока. Палячылі ў больніцы, а вось еду на пабыўку дамоў. Землячкі салгаць не дадуць.