І выходзіць слова „дзевы“. Нібы патаемныя дзевы туляюцца між яблынь, і яна іх заве.
— Вартуем! Пільнуем! — адказвае Левін за сябе і Іру.
— Вартуйце і пільнуйце! — падбадзёрвае іх Маўра неспакойным голасам. Яе цяпер непакоіць адно:
— Што яна ці яе вартаўнікі зробяць, калі салдаты нападуць цяпер, нахлынуць сюды натоўпам ды будуць яблыні трасці?.. — Нічога не зробяць…
Маўра трывожыцца.
І нібы не валасы ў яе, а месячнае павуцінне.
Яна салдатам вочы выдзярэ. Начальству паскардзіцца. Яна не з баязлівых.
— Дзе вы? Дзе вы?
— Вартуем! Пільнуем!
У гэту ноч апускаецца з яснага неба на Каганцы млечны шлях. Усё мястэчка доіць нечаканых кароў. „Зайцы“, што хаваліся ў пуні Кантаровіча, вярнуліся ў пакой і па-звычайнаму заселі за карты.
У хаце цішыня, як ніколі, бо ўсе каля старой карчмы. Толькі за дашчанай сценкай стары Лейба Кантаровіч гудзе над кнігай голасам жабрацкай ліры.
— Якая месячная ноч… — любуецца адзін з „зайцоў“-барадачоў, Гарэлік. — Каб не страх вайны, было-б зусім добра.
Па сценах тры цені з картамі ў руках. Цені нязграбныя і вялікія, галовамі ў столь упіраюцца.