І мудрагель разгортвае перад сваімі бліжнімі небывалыя мары:
— Каб такая лагода, як сёння ў нас, у Каганцах заўсёды панавала, тады хай сабе ўвесь свет ваюе, а мы будзем даіць…
І якія слаўныя каганецкія жанчыны. Адна з іх ўзнімае голас:
— Гануля! Га-ну-ля! Дзе-ж гэта салдатка Гануля? Чаму-ж яе няма? У яе-ж малое дзіцё, а карова, здаецца, зусім запускаецца.
Маўра расстаўляе па садзе варту — Іру і Левіна. Сёння Маўра як ніколі пакорная. Левін гладзіць яе па валасах, а яна маўчыць ды прыслухоўваецца (мо‘ прыслухоўваецца — ці салдатыне ідуць яблыкі красці?). Але што Левіну Маўра. Яе характар не ў яго гусце, яна нейкая наравістая. Іра — вось хто запаўняе цяпер увесь яго свет.
Маўчыць сад. Толькі калі-ні-калі нешта шарахнецца паміж галін і стукнецца глуха вобземлю. Гэта дрэва спрасонку губляе яблык. А месяц расце над садам вялізным залатым яблыкам. Левін і Іра ніяк ад яго схавацца не могуць. Яго срэбныя валокны пранізваюць усе вузялкі і пляцёнкі густых галін. Пахнуць яблыкі і блішчаць пад месяцам дзіцячымі галоўкамі.
Белавалосая садоўніца соваецца між яблынь і груш па роснай траве і гукае:
— Дзе вы? Дзе вы?