У вагоне поўна. Левін чуе сваркі за месцы, мірную гутарку аб вайне, спрэчкі аб міры ў хуткім часе, аб тым, што вайна працягнецца доўга-доўга, аб нямецкіх зверствах, аб слаўных саюзніках. Усё гэта разам ірвецца-імкнецца ручайкамі ў мора гукаў і гутарак і падае, як шрот. Ён ловіць пятае праз дзесятае, стараецца нічога гэтага не чуць, хоча аддацца цішыні, адпачыць, супакоіцца ад вакзальнай мітусні, ды яшчэ пільней прыслухоўваецца да мяцеліцы людскіх галасоў.
На ніжняй лаўцы супроць Левіна сядзіць маленькі, як лялечка, дзядок, піпкае з вялізнай самадзялковай люлькі і нешта апавядае суседцы. Яго галасок кволы, тоненькі і пісклівы, як у дзяўчынкі. Ён часта спыняецца, хрыпіць люлькай і гаворыць далей:
— Быў я ў дзярэўні Вільні, у свайго сына, у Міколы. Эге! Дык ён ранены, значыцца, на вайне. Чуць-чуць дапытаўся, дзе гэта лечаць раненых салдат, дзе той (як ён там?) шпіталь. Эге! Бо дзярэўня тая вялі-ікая. А сына немец, гад, у плячо смальнуў. Ляжыць ён там, сын, і стогне, ляжыць ён там і войкае — Мікола мой. А многа там салдацікаў ляжаць і стогнуць. Эге! А дзеўкі там у белых балахондрах тыц-мыц туды і сюды.
Смяюцца пасажыры. Да іхняга хора далучаецца і Левін.
Усе пазіраюць на дзядка, як на смешную цацку. У яго рэдзенькая казліная бародка, празрыста-бледны твар і маленькія слязліва-светлыя вочкі