Старонка:Мікалай Шкялёнак.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

4 

Слова пра Міколу Шкялёнка — гісторыка й палітыка

Беларускі юрыст, гісторык, публіцыст, культурны й палітычны дзеяч Мікола Шкялёнак нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы Пякоціна (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласьці). Бацька яго Восіп і маці Аляксандра мелі каля трыццаці гектараў зямлі.

У іх сям’і, апрача Міколы, было яшчэ двое сыноў — Пётр (1902—1977) і Павал (1903—1928?). Але добрую адукацыю Восіп і Аляксандра Шкялёнкі змаглі даць толькі старэйшаму сыну Міколу.

У 1932 годзе ён скончыў юрыдычны факультэт Віленскага Унівэрсытэту па спэцыяльнасьці адвакат. У час вучобы прымаў актыўны ўдзел у беларускім маладзёвым руху. Ён зьяўляўся сябрам Беларускага Студэнцкага Саюза (БСС), які існаваў пры Віленскім Унівэрсытэце. 26 кастрычніка 1926 г. на агульным сходзе БСС яго выбіраюць старшынём, а таксама прызначаюць рэдактарам «Студэнцкай думкі» — перыядычнага органу беларускага студэнцкага руху.

На пачатку 1930-ых гадоў Мікола Шкялёнак працуе адвакатам у Вільні, зьяўляецца сябрам Беларускага Навуковага Таварыства (БНТ). А 12 лютага 1939 г. яго выбіраюць сакратаром таварыства. Актыўна выступае з рэфэратамі, прысьвечанымі мінуўшчыне Беларусі. Чытае лекцыі сярод актывістаў беларускага студэнцкага «Таварыства Прыяцеляў Беларусаведы», зьяўляецца сябрам рэдакцыйнай калегіі часопісу «Калосьсе». Друкуе свае гістарычныя артыкулы ў «Запісах Беларускага Навуковага Таварыства», заходнебеларускіх часопісах. У гэты час з-пад пяра таленавітага гісторыка выходзяць яго выдатныя працы: «У трохсотыя ўгодкі сьмерці Вялікага канцлера Льва Сапегі» (1933), «Копныя суды» (1932), «Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды» (1938), «Культурнае рабства» (1939) і іншыя. Тагачасныя беларускія крытыкі даволі станоўча ацэньвалі яго гістарычныя артыкулы й выступленьні. Так, напрыклад, Сяргей Паўловіч у другім нумары часопісу «Беларускі летапіс» за 1938 год пісаў: «Асаблівую ўвагу заслугоўвае артыкул гр. М. Шкялёнка»: „Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды“. Дасюль у гісторыі Беларусі адзначалі такіе пэрыёды: